Замест Geely Atlas у топе? На гібрыдным Nissan Pathfinder - па знакавых месцах БНР

5030 37

Вясна, сонца і свята. Хочацца ехаць по роднай зямлі, адчуваць яе роўны подых, яе самабытнасць і моц. І мы не можам утрываць на месцы. Спадарожніка сабе таксама выбіраем з патрэбным настроем: Nissan Pathfinder з ЗША. Гэты аўтамабіль распрацавалі ў краіне, дзе мастацтва сплятаць гісторыю і сучаснасць, традыцыі і тэхналогіі дасягнула абсалюту, і гэты ж аўтамабіль прыехаў з краіны, дзе пра волю ведаюць ўсё. 

Едзьма, замежны госць, я раскажу табе пра сваю краіну - зямлю, дзе за волю змагаліся стагоддзямі і, нарэшце, здабыўшы яе на мапе, толькі пачынаюць разумець яе каштоўнасць.

Але найперш пра Nissan Pathfinder. Машына не новая - 2013 года выпуска, але каштуе амаль як Geely Atlas у максімальнай камплектацыі - каля 25 тысяч даляраў. Дарэчы, вось гэтая машына прадаецца праз нашую базу аб'яў (спасылка).

Што атрымліваем за гэтыя грошы?

 

За гэтыя грошы атрымліваем вельмі шмат аўтамабіля -  ажно 5 метраў даўжыні, 7 пасадачных месцаў і велізарны багажнік!  

Камплектацыя па традыцыі аўто для Амерыкі па-сапраўднаму багатая. У нас салон цёмны, а бывае і светлы - вось у ім адчуваеш сябе сапраўдным вольным шляхцічам. Добра-добра, жартую, але салон тут сапраўды шыкоўны, хоць машыне ўжо 5 год.

У Pathfinder камфортна незалежна ад колеру салона. Тут якасная мультымедыйная сістэма, падагрэвы і вентыляцыя фатэляў, электрапрывады ўсяго, што толькі ёсць. Над галавой - электралюк. Пластык пярэдняй панэлі, на жаль, цвёрды, але выгляд мае прыстойны. На дзвярах пластык мяккі, да таго ж знутры яны часткова аздобленыя скурай. Адзіная заўвага - за пярэдняй левай стойкай і люстэркам, здаецца, можа схавацца грузавік.

Ззаду месца, вы разумееце, не проста шмат - тут можна баскетбалістаў перавозiць. Але і гэта, дарэчы, не самае галоўнае. Тут можна глядзець на неба праз люк, а можна - на маніторы, якімі аздобленыя пярэднія падгалоўнікі. У пасажыраў ёсць асобны блок клімат-кантроля, амерыканская разетка, розныя штэкеры для мультымедыя. Само сядзенне можна рэгуляваць па даўжыні, а яго спінкі - па нахіле. Здаецца, гэта месца не проста для шляхцічаў, а для вельмі заможных шляхцічаў. 

Пераязджаем на трэці рад - той самы, куды чалавек па сваёй волі не сядзе. І зноў прыемны сюрпрыз - ўсё зручна і на дзіва камфортна. Цягнеш рычаг на спінцы сядзення другога рада - яно складваецца і з'язджае наперад. Нават у некаторых новых "немцаў" пасадка на трэці рад не такая зручная.  

Багажнік пры складзеным трэцім радзе велізарны. А калі скласці другі і трэці рады, можна перавезці  хоць халадзільнік, хоць тону бульбы - што заўгодна можна перавезці.

Карацей кажучы, для вялікай сям’і по ўсiм, што тычыцца унутранай прасторы, - вельмі зручны аўтамабіль. Але што ён уяўляе сабой у тэхнічным плане і як ён едзе?

Nissan Pathfinder Hybrid адносіцца да катэгорыі так званых мяккіх гібрыдаў (mild hybrid). Ён не здольны пераадолець колькі-небудзь значную адлегласць без дапамогі бензінавага рухавіка, аднак электрарухавік дапамагае яму рацыянальна скарыстаць энергію тармажэння, што выліваецца як у эканомію паліва, так і ў прыемны дадатак у дынаміцы. І рухавіку унутранага згарання (РУЗ) не трэба развіваць шмат абаротаў, калі павольна едзеш па горадзе ў заторах, ён працуе амаль на халастых. Таксама рухавік можа адключацца на некаторы кароткі час. Але дзеля гэтага трэба адключыць клімат-кантроль. Калі едзеш па трассе, ён то працуе, то не працуе. Гэтага нават не чуваць, бо ў машыны добрая гукаізаляцыя. Бачна гэта толькі па тахометры.

Счапленняў тут два. Адно ўсталявана паміж бензінавым рухавіком з турбакампрэсарам на 230 конскіх сілаў і варыятарам, а другое падключае да трансмісіі электрарухавік (20 к.с.). Падчас разгону абодва счапленні злучаюцца і перадаюць на вал максімум ад абодвух рухавікоў. У рэжыме наката счапленні могуць размыкацца, каб інэрцыя аўтамабіля не страчвалася дарэмна на кручэнне матораў. На тармажэнні электрарухавік далучаецца да каробкі перадач, каб  назапасіць энергію тармажэння ў акумулятарнай батарэі, якая ўсталявана пад сядзеннямі другога рада.

Але ўсё гэта тэорыя, а што маем па факце? Мы ездзілі па Мінску, а калі траплялі ў заторы - бартавы камп’ютар выдаваў расход 30 літраў на 100 км. Але гэта таму, што менавіта ў гэтым дыяпазоне камп’ютар лічыць расход на халастых. Калі ехаць па горадзе без затораў, насамрэч можна атрымаць расход 10-11 літраў на 100 км. Гэта вельмі няшмат для такой цяжкай і досыць магутнай машыны з поўным прывадам. Па трасе атрымліваецца 8 літраў на 100 км, а калі ехаць павольна, можна прывезці нават і 7 літраў... Эканомія сапраўды ёсць.

Ёсць і магутнасць. Калі ўтапіць педаль "газу" ў падлогу, абароты бензінавага рухавіка ўзлятаюць да чырвонай зоны, электрарухавік працуе на ўсю моц - кіроўцу прыціскае да спінкі. Але назваць аўтамабіль азартным нельга. Ён вельмі мяккі, ў паваротах нахіляецца і дэманструе недастатковую паварочвальнасць. Тым не менш гэта аўтамабіль для сямейнага чалавека - навошта яму тыя піруэты?

Вынік - цікавы аўтамабіль. Калі трэба штосьці на 7 месцаў, то выбару насамрэч не так шмат. Geely Atlas - добры аўтамабіль, але 7 месцаў у яго няма. Таму амерыканскі напрамак - адна з альтэрнатыў. 

БНР у Мінску

Мы едзем па Мінску ў пошуках месцаў, звязаных з гісторыяй БНР. Для гэтага мы карыстаемся навігатарам беларускай незалежнасці, створаным беларускім блогерам Максімам Ляшко.

Першы пункт на мапе - Кальварыйскія могілкі, найстарэйшыя ў горадзе. Налічваюць больш за 30.000 пахаванняў. Сфармавалі вакол сябе Кальварыйскае прадмесце. Верагодна, яны ўзніклі ў канцы XVIII ст. на ўзгорку, які звалі Святым месцам, каля дарогі на Ракаў.

Тут знаходзіцца магіла Вацлава Іваноўскага - міністра асветы БНР ва ўрадзе Луцкевіча. У час Другой сусветнай вайны ён жыў у акупаваным Мінску, фашысты яго нават прызначылі бурмістрам. Але кажуць, што хоць ён і працаваў на немцаў, але спрабаваў ратаваць людзей ад рэпрэсій. У 1943 годзе Вацлаў быў  застрэлены. Хто яго забіў, невядома і сёння - гэта маглі быць тыя ж фашысты, партызаны ці свае людзі

Наступнае месца - дом Воліна на вуліцы Валадарскага, які быў пабудаваны ў 1900 годзе. Жылі тут Самуіл Лазаравіч Волін, ягоная жонка Блюма-Фэйга Воліна, іхнія дачка і пяць сыноў. Дом быў даходны - частка пакояў здавалася пад жыллё. З 25 лютага 1918 года тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам. 12 красавіка 1918 года выканаўчы камітэт "Менскага беларускага прадстаўніцтва" ўвайшоў у склад Рады БНР. 

Насупраць стаіць дом Маліна, адрас - Валадарскага, 9. З 19 сакавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР арандаваў пакоі на 3-м паверсе. 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое скончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Статутнай граматы, абвясціўшай Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай. У пачатку красавіка ў памяшканні Народнага сакратарыята адкрыліся курсы беларусазнаўства. На працягу амаль усяго 1918 года на доме вісела шыльда "Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі". Карацей кажучы, гэта самы галоўны адрас гісторыі БНР.

У былым гарадcкім тэатры (зараз тэатр імя Янкі Купалы) напрыканцы 1917 года адбываліся паседжанні першага Усебеларускага з’езду (кангрэсу), арганізаванага беларускім з’ездам нацыянальных арганізацый. На той момант мала хто ўяўляў сабе Беларусь незалежнай. Але менавіта тут пачалося фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі. 

На з'ездзе было больш за 1800 дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе паветы Беларусі, усе рухі і партыі, усе канфесіі Беларусі. Абсалютная большасць удзельнікаў з’езду была супраць узурпацыі ўлады бальшавікамі і заклікала да правядзення сходу, на які планавалі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў. Але бальшавікі разагналі з’езд. Якім чынам абышлося без ахвяр, невядома.

Недалёка ад тэатра - будынак былога царкоўнага археалагічнага музея (зараз Незалежнасці, 26). У гэтым будынку нейкі час месцілася Рада БНР. Зараз ён належыць Беларускай праваслаўнай царкве. Юбілейным дом называюць, бо ён будаваўся да 300-годдзя дома Раманавых. Малюнак Юбілейнага дома быў на паштовых марках БНР.

Помнік Янке Купале ў парку, які носіць імя паэта. Не ўсе ведаюць, але Купала займаўся палітыкай. 3 жніўня 1918 г. паэт Янка Луцэвіч (Янка Купала) афіцыйна накіраваны ўрадам БНР у Смаленск агентам забеспячэння. Атрымаў пасведчанне грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі за №1042. Калі ў сярэдзіне 1920-га Мінск перайшоў у рукі бальшавікоў, Янке Купале прыгадалі яго нацыяналістычнае мінулае і пасадзілі пад хатні арышт. Рэабілітавалі толькі на наступны год. 4 чэрвеня 1942 года Купала быў раптоўна выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР І.С.Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве паэт трагічна загінуў: зваліўся з лесвіцы ў гатэлі "Масква".

Побач - памятная дошка ў гонар братоў Луцкевічаў. Тут на Садовай вуліцы месціўся дом іх маці, Зоф’і Луцкевіч. Браты жылі тут з 1896 года па 1906 год, калі праз следства па справе замаху на Курлова былі вымушаныя з’ехаць у Вільню. Яны распрацоўвалі ідэю незалежнасці Беларусі. Луцкевічы заснавалі першыя беларускія газеты "Нашу Долю" і "Нашу Ніву", абвяшчалі незалежнасць БНР.

На вялікі жаль, гэты помнік таксама звязаны з БНР. Гэта Курапаты, месца масавых растрэлаў людзей у 1937-1941 гадах. Колькасць ахвяр дакладна не высветлена: архівы КДБ Беларусі, датычныя Курапатаў, з’яўляюцца засакрэчанымі. Існуюць розныя версіі і ацэнкі. Сярод дзеячаў БНР у Мінску былі расстраляныя Палута Бадунова, Кастусь Езавітаў, Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і інш. Вельмі шмат беларусаў загінула тут. Колькі - невядома. Па розных меркаваннях, тут былі забітыя ад 7 да 250 тысяч чалавек. 

У апошні час тут фіксуюць шмат выпадкаў вандалізму: то крыжы паваляць, то "лаву Клінтана" разаб'юць. Нядаўна нехта размаляваў помнікі антысеміцкімі надпісамі. Застаецца толькі здагадвацца пра псіхічны стан людзей, якія такое робяць.

Бачыце гэтыя ямы? Гэта не сляды снарадаў. Калі пачынаўся працэс разлажэння, магіла асядала - так па ўсіх Курапатах з'явіліся гэтыя ямы. У самай вялікай магіле былі знойдзены рэшткі 373 чалавек, а ў сярэднім вечны спакой у кожнай з іх знайшлі ад 200 до 260 чалавек, ўсяго ям 510. Уяўляеце маштаб трагедыі?

Многія з гэтых людей паклалі свае жыццё, каб мы сёння маглі мець пашпарт з надпісам "Беларусь". Цікава, што б яны сказалі, калі б ведалі, што воля і свабода праз 75 гадоў упадуць у рукі беларусаў проста так, як падарунак лёсу. Але, здаецца, што каштоўнасць гэтага падарунку нам яшчэ толькі давядзецца спазнаць.   

Юрый ГЛАДЧУК
Фота аўтара і Антаніны БУНЯК
ABW.BY

Рэдакцыя выражае ўдзячнасць кампаніі Autogroup.by за прадстаўлены для тэста аўтамабіль.

Больш за 74.000 прапаноў аб продажы новых і патрыманых аўто ў нашай базе аб'яў.

Пожалуйста, подождите...

Самое обсуждаемое