Используя веб-сайт abw.by, вы соглашаетесь с использованием файлов cookie и Политики конфиденциальности
Отказаться Принять

На матацыклах – па краіне. Ад Нясвіжскага замка да сядзібы ў Грушаўцы

19307 13 2
19307 13 2

Сезон хутка скончыцца, а мы зноў вандруем па краіне на матацыклах. M1NSK SCR250, Suzuki V-Strom, дрон ды фатаапарат – едзем родным словам падтрымаць Беларусь. Насамрэч у нас вельмі шмат цікавых і прыгожых мясцінаў, пра якія не ўсе ведаюць. Таму наперад – вывучаць!

Едзем у напрамку Нясвіжа, але думкі трывожныя. Зараз у краіне, мякка кажучы, не самая спакойная сітуацыя, але відавочна, што беларусаў заўважыў увесь свет як мужных, неардынарных і неабыякавых людзей.

Якія людзі – такая і краіна. Прыгожая, чыстая, цікавая і чароўная. Адна вядомая жанчына, кажуць, нават парвала пашпарт, каб не пакінуць гэтую краіну і людзей... Не проста так! 

Спадзяемся, што ў хуткiм часе, калі ўсе супакоiцца, нас абавязкова будзе чакаць наплыў турыстаў. Увесь свет зараз бачыць: у Беларусi жывуць вельмі крутыя людзі. Адпаведна ўзнікае цікавасць і да краіны. Таму едзем вывучаць і паказваць яе прыгожыя мясціны. 

З такімі думкамі, пакінуўшы сталіцу, атрад з двух матацыклаў накіраваўся ў бок Нясвіжа.

Калісьці гэты горад першы атрымаў Магдэбургскае права. Што гэта такое? Гэта права горада на самакіраванне. 

Прыйшло яно да нас з Захаду. Вядома ж, з горада Магдэбурга. Гэта прыкмета еўрапейскай цывілізацыі, якая дакацілася да нашага Дняпра: на тэрыторыі сучаснай Расіі магдэбургскага права не было, за выключэннем Смаленскіх і Ноўгарад-Северскіх земляў. Там, дзе канчалася магдэбургскае права, там канчалася і Еўропа. Таму многія нашыя гарады і мястэчкі выглядаюць як еўрапейскія. 

Што давала гэтае права? Найперш, эканамічныя перавагі: як толькі ўзнікала самакіраванне, горад атрымліваў вельмі моцны штуршок да развіцця. Ён вельмі хутка набіраў моц, жыхары багацелі. 

Замест старых пабудоў вырасталi камяніцы, вуліцы набывалi квартальную планіроўку. Жыхары горада станавiлiся больш вольнымі ад феадалаў і падаткаў. Развіваліся гандаль і рамесніцтва, сацыяльная сфера: ужо ў XVI стагоддзi тут былi школа, лазня, шпіталь і цырульня. Пазней адкрыліся цэхі, мануфактуры і майстэрня мастацкага ліцця. За эканамічным ростам ідзе культурны росквіт. Калісьці Нясвіж нават называлі маленькім Парыжам – у горадзе было шмат цэркваў, тэатр, калегіум. 

Едзеш сёння па Нясвіжы – ціхі прыгожы гарадок з еўрапейскай гісторыяй, якая вучыць: калі даць людзям эканамічную свабоду, усё пачынае хутка развівацца. Так было раней, так ёсць і сёння.

Нясвіжскі замак выглядае зараз так. Закладзены ён быў князем Радзівілам Сіроткай у 1583 г. на месцы драўлянага замка, а ў яго будаўніцтве ўдзельнічаў вядомы італьянскі архітэктар Дж. Бернардоні. Гэта – рэзідэнцыя князёў Радзівілаў, якія мелі такую моц, што нават каралю прыходзілася з імі лічыцца.

Таксама тут жыве самы рамантычны і самы знакаміты прывід Беларусі – Чорная Панна Нясвіжа. Так называюць пакутлівую душу недарэчна загубленай каханай караля Жыгімонта – Барбары Радзівіл.   

Па адной версіі, яна памерла сама ў маладым узросце. Па другой – яе атруціла маці Жыгімонта Бона Сфорца, якая ненавідзела "выскачак" Радзівілаў. Па паданню, удавец запрасіў знакамітага пана Твардоўскага, каб выклікаць на спірытычным сеансе дух Барбары. Вядьмак загадваў каралю ні ў якім разе не датыкацца да Барбары, але, калі яна з'явілася ў пакоі, Жыгімонт Аўгуст кінуўся да яе. Ад яго дотыку адзенне Барбары стала цямнець, счарнела, а сама яна растварылася ў паветры. З той пары тут з'явіўся яе прывід.

Каралева беларускіх прывідаў неаднойчы натхняла творцаў – Аляксей Дудараў прысвяціў ёй п'есу, па якой паставілі спектакль на сцэне Купалаўскага тэатра, з якога, на жаль, нядаўна зышлi амаль усе акцёры...

Пакуль здымалі, да нас прыйшоў руды кот. Жартам празвалі яго Мікалаем Радзівілам Рудым – гэта быў брат Барбары Радзівіл, які пасля яе шлюбу меў вялікі ўплыў у дзяржаве.

А наш атрад імчыць далей. Выязджаем з Нясвіжа – і дзівімся прыгажосці наваколля.

Дарэчы, калі вы заўважылі, у асноўным мы вандравалі на захад ад Мінска. Бо тут засталося шмат помнікаў архітэктуры. Паміж кропкамі, якія трэба здымаць, праязджаеш меншую адлегласць, чым на ўсходзе краіны. Паглядзіце на карту архітэктурнай спадчыны – на захадзе значна больш знакамітых месцаў і аб'ектаў. 

Тым часам мы прыехалі ў Сваяцічы – гэта на паўдневы захад ад Нясвіжа. Невялікая малавядомая вёсачка, а якая прыгажосць каля касцёла святога Юрыя!

Паглядзіце яшчэ на выгляд зверху. Касцёл з калонамі, возера, поле. І нікога вакол. Нешта чароўнае насамрэч. 

Касцел быў пабудаваны ў 1825 годзе з цэглы паводле праекта польскага архітэктара П.Х. Айгнера на сродкі ўладальніцы маёнтка графіні Чапскай насупраць палаца, які не захаваўся.

А выглядаў ён так. Сваятыцкія палац і парк у свой час, па прызнанні шматлікіх гасцей, былі самымі прыгожымі ў Навагрудскім ваяводстве. У 1876 г. y Сваятыцкім маёнтку пабываў Напалеон Орда, які пакінуў мастацкай спадчыне акварэлі з выглядамі палаца. Цяпер ад гэтага ансамбля засталіся толькi невялікія рэшткі парку.

Далей едзем у Флер'янава па вельмі прыгожай грунтоўцы: дрэвы ствараюць жывы тунэль. 

Неўзабаве прыехалі як раз да заходу сонца. Асноўнай славутасцю вёскі Флер'янава з'яўляецца былая сядзіба, якая ўваходзіць у сядзібна-паркавы ансамбль Бохвіцаў. 

Пабудаваны ён быў ў другой палове 19-га стагоддзя, верагодна, ў 1870 годзе. Глядзіце, як цікава: асноўная частка будынка драўляная, але адзін з фасадаў – з цэглы, прычым адрозны ад стылю астатняга будынка.

Сядзіба была пабудавана Янам Атонам Бохвіцам, які атрымаў у 1856 годзе ў спадчыну ад бацькі Фларыяна фальварак Новыя Вошкаўцы. Фларыян Бохвіц быў вядомым пісьменнікам і філосафам. Сам Ян Бохвіц за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 г. быў кінуты за краты ў Дынабургскую крэпасць. Пасля года турмы быў памілаваны і, вярнуўшыся на радзіму, узяўся за аднаўленне разбураных сядзіб.


Сядзіба вылучалася высокім узроўнем духоўнай культуры. Яе наведвалі Рэйтаны з Грушаўкі, Радзівілы з Нясвіжа і вядомая польская пісьменніца беларускага паходжання Элiза Ажэшка. Да гэтых дзён захаваўся дуб, які пасадзіла пані Ажэшка, яму ўжо больш за сто гадоў.

Апошні пункт вандроўкі – сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Маёнтак атрымаў вядомасць дзякуючы знакамітаму прадстаўніку роду – Тадэвушу Рэйтану, якому прыпісваюць выказванне: "Забіце мяне, не забівайце Айчыну". Ён, рызыкуючы жыццём, спрабаваў абараніць Рэч Паспалітую ад раздзелу на Сейме 1773 года,. Падрабязней пра яго ўчынак можна прачытаць тут. А мы канстатуем гістарычны факт: у Беларусі ва ўсе часы знаходзіліся героі, гатовыя абараняць яе да апошняга, нягледзячы ні на што. Таму з краінай усё будзе добра.

Зараз гістарычная сядзіба ў Ляхавіцкім раёне атрымала еўрапейскі грант на рэканструкцыю. Паводле плана, адкрыццё намечана на 2021 год. 

На гэтым нашыя матацыклетныя вандроўкі ў сезоне-2020 скончыліся. А мы вырашылі і далей распавядаць пра краіну і яе гісторыю, але ўжо на аўтамабіле. Да сустрэчы!

Цитировать
  • Войти или создать профиль