Используя веб-сайт abw.by, вы соглашаетесь с использованием файлов cookie и Политики конфиденциальности
Отказаться Принять

На матацыклах – па краіне: ад сядзібы Агінскага да руін старога маста на рацэ Віліі

25138 13 1
25138 13 1

"Каб любiць Беларусь, нашу мiлую маму, трэба ў розных краях пабываць", – спявае N.R.M. А мы зноў едзем па краіне, каб паказаць беларусам свой край – цікавыя мясціны, па якіх можна вандраваць на аўто ці мота. Гэтым разам едзем на M1NSK SCR250 і Suzuki V-Strom у напрамку Смаргоні, па маршруце Вязынка – Беніца – Залессе – Абрамаўшчына – Казярнікі. Едзем туды, дзе "тры сланы нерухома стаяць".

Пабачым дом, дзе нарадзіўся Янка Купала, адрэстаўраваную сядзібу Агінскага, стары разбураны касцёл, на вежы якога можна падняцца, а таксама ДАКі, акопы і падарваны мост Першай сусветнай вайны на рацэ Вілія. Наперад!

Сціпла пра мататэхніку. SCR250, які зараз праходзіць у нас рэсурсныя выпрабаванні, праехаў ужо 2500 км. Пакуль трымаецца малайцом. З праблем: адкручваліся заднія паваротнікі (моцна закруцілі – праблема зышла), зламаўся замок запальвання (адышлі кантакты, здарылася гэта на сэрвісе пры замене алівы, адрамантавалі) – на гэтым амаль ўсё. Ланцуг трымаецца, але трохі падцягнуць ужо трэба. 

Вандраваць на гэтым матацыкле можна, хуткасці хапае. 120 км/г едзеш – болей і не трэба. Але галоўная праблема ў такіх вандроўках – гучны выхлап. Галава ад яго баліць, таму мяняліся матацыкламі. 

Suzuki V-Strom – гэта нешта накшталт паркетніка. Выхлап не такі гучны, ёсць ветравік, высокая пасадка, даўгаходныя падвескі і заслона рухавіка. Для лёгкага бездарожжа пойдзе, хоць і цяжкі. Літровы двухцыліндровы V-вобразны рухавік цягне як паравоз, разгон пасля 100 км/г вельмі ўпэйнены. Прысядае на задняе кола – і стралою ляціць наперад. Цудоўны матацыкл для вандровак. MINSK лепш едзе па бездарожжы, нашмат эканамічней, затое на Suzuki на трасе адчуваеш сябе панам на добрым пародзістым кані. Сядзіш высока, глядзіш далёка. 

Неўзабаве прыехалі ў Вязынку, вёску, дзе нарадзіўся Іван Луцэвіч – будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала. 

Музей-запаведнік знаходзіцца ўсяго за 50 км ад Мінску, але не ўсе мінчане пра яго ведаюць. І мы тут упершыню.

Тут цячэ рэчка Вязынка, якая дала назву мясцовасці. Засталіся рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх, дзе жыў у дзяцінстве паэт. І наогул, вельмы прыгожыя мясціны для прагулак. Мы заехалі сюды і згадваем Купалу: пачытайце вершы паэта пра радзіму, волю, народ. Яны і сёння не страцілі актуальнасць.

А вось як не любiць гэта поле, i бор,
I зялёны садок, i крыклiвую гусь!..
А што часам тут страшна заенча вiхор, –
Гэта ён, гэта крык, што жыве Беларусь.

За вершы Купала не раз падвяргаўся рэпрэсіям. Так, у 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт, канфіскавалi рукапісы. У 1930 раскулачылi маці і сястру паэта. Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ "Шлях паэта", у якім Янка Купала абвяшчаўся "ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму". Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ – яму інкрымінавалася лідарства ў "Саюзе вызвалення Беларусі". Пасля "гутарак" у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны.

Як ён загінуў, дагэтуль невядома. 18 чэрвеня 1942 года Янка Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён зваліўся ў лесвічны пралёт з 10 паверха гасцініцы "Масква". Існуе тры версіі: няшчасны выпадак, самагубства, забойства. 

А мы згадваем усё гэта і думаем: чаму ў 2020 годзе нобелеўскіх лаўрэатаў выклікаюць на допыты, а людзі гінуць пры нявысветленых абставінах? Гэта незразумела зусім. Гісторыя нічаму не вучыць?

У доме Купалы сёння дзейнічае сучасны музей. Усё гэта пабудавана і адрэстаўравана па архіўных дакументах і фота. Пабываць тут трэба кожнаму. Да таго ж і ад Мінску недалёка.

А мы едзем далей у напрамку вёскі Беніца – гэта 90 км ад Мінску.  

Па дарозе сустракаем бел-чырвона-белы "Жыгуль", некалькi "незаконных масавых мерапрыемстваў" у Маладзечна і Смаргоні.

У Беніцы сярод вёскі вялізны закінуты касцёл у стыле барока. Адчынены і пры гэтым не разбураны. Сама вёска, якая стаіць на рацэ Бенічанка, упершыню ўзгадваецца ў XIV стагоддзі. Вёска была багатай, але часта пераходзіла з рук у рукі, таму з часам тут засталося няшмат архітэктурных помнікаў. 

Адзін з іх – троіцкі касцёл. Як сведчыць легенда, у 1700 годзе пан Коцел са сваёй сям'ёй ехаў з Беніцы ў Ашмяны. Так здарылася, што коні панеслі панскую брычку, у якой была толькі маленькая дачка Коцелаў. Павозка магла перавярнуцца – дачка загінула б. Шляхціц паспеў толькі ўкленчыць і папрасіць дапамогі ў Маці Божай. І тут коні, якія беглі як звар'яцелыя, імгненна спыніліся. Дзякуючы за цуд, пан Коцел даў клятву пабудаваць на гэтым месцы касцёл і праз год стрымаў сваё слова.


Унутры пуста, рэстаўрацыйныя работы не вядуцца. Пад купалам лётаюць птушкі, на вежах прарастаюць дрэвы – запусценне.


Цікава, што ёсць лесвіца, па якой можна падняцца на левую вежу, адкуль адкрываюцца прыгожыя краявіды.

 

Наступны прыпынак – палац Агінскага ў Залессі, зусім побач с Беніцай. 

Гэты маёнтак належыў вядомаму кампазітару Міхаілу Клеафасу. Залессе пры ім ператварылася ў культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі.  Менавіта тут ён напісаў свой знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай" падчас расейскай акупацыі.

Спадзяемся, што гэты твор не будзе актуальным зноў і развітвацца з Радзімай не прыйдзецца. 

Сёння палац адрэстаўраваны, вакол прыгожы парк, млын, вадаём з востравам. Дзіўна, што гэтае месца не ўсе беларусы ведаюць. 


У дворыку гучыць музыка славутага кампазітара, журчыць рэчка ля млына, на востраве спяваюць птушкі. Поўны рэлакс, асабліва пасля "бу-бу-бу" глушыцеля SCR250. Едзем далей. 

А далей у нас па праграме Абрамаўшчына – вёска на поўнач ад Смаргоні. Справа ў тым, што тут праходзілі баі Першай сусветнай вайны. І увогуле ў гэтых мясцінах каля Смаргоні вельмі шмат помнікаў таго часу. Засталіся ДАКі, акопы і могілкі з той далёкай вайны. 

Ледзь знайшлі ў лясах каля вёскі два вялізных ДАКа з тых часоў. Сюды нават можна на матацыклах заехаць. Але да саміх ДАКаў пад'ехаць было немагчыма.

Абрысы акопаў захаваліся і сёння, што цікава. 

А гэтых ДАКаў на мапе не было, сустрэлі выпадкова. Калі па гэтых мясцiнах яшчэ паездзіць, шмат цікавага можна знайсці. 

Фінальная кропка нашай вандроўкі – рака Вілія. Тут паднялі дрон - і здзівіліся казачнай прыгажосцю наваколля.


Прыехалі да руінаў маста, які быў пабудаваны немцамі ў Першую сусветную вайну. Знаходзяцца яны прыкладна ў кіламетры ад вёскі Казярнікі Смаргонскага раёна. Вось ужо больш за стагоддзе тут стаяць бетонныя руіны чыгуначнага маста. Мост гэты – частка вайскова-палявых дарог, густая сетка якіх пакрыла акупаваную пляцоўку Беларусі ў перыяд з 1915 па 1918, калі актыўныя вайсковыя дзеянні саступілі месца пазіцыйнай акопнай вайне і лінія фронту тут стабілізавалася на працяглы час. 

Сцямнела. Збіраемся і едзем у Мінск. "Скоро кончится лето", – спявае Цой, але мы не спыняем нашыя вандраванні. Увосень Беларусь асабліва прыгожая, таму пакажам яе яшчэ.

Сачыце за сайтам!

Цитировать
  • Войти или создать профиль